ФАЦЬЯ́НАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў 2-м тыс. да н.э. жылі ў міжрэччы Волгі і Акі; разнавіднасць шнуравой керамікі культуры. Названа па могільніку каля в. Фацьянава непадалёку ад г. Яраслаўль. Даследавалі А.​А.​Спіцын, Д.​А.​Крайноў. Насельніцтва вырабляла крамянёвыя і бронзавыя сякеры, свідраваныя каменныя сякеры, у т. л. лодкападобныя; скрабкі, нажы, стрэлы, долаты, медныя і сярэбраныя ўпрыгожанні, кругладонны танкасценны посуд, упрыгожаны насечкамі і адбіткамі шнура, штампа ў выглядзе паясоў, фестонаў і ромбікаў; шарападобныя амфары. Займалася жывёлагадоўляй, земляробствам, апрацоўкай бронзы. Пахавальны абрад трупапалажэнне на бескурганных могільніках. Нябожчыкаў хавалі ў ямах на падсцілцы з кары дрэў скурчанымі на баку. Ф.к. мае некалькі лакальных груп, найб. ранняя маскоўская група падобная да сярэднедняпроўскай культуры ўсх. тэр. Беларусі.

Літ.:

Крайнов Д.А. Древнейшая история Волго-Окского междуречья: Фатьяновская культура, II тысячелетие до н.э. М., 1972.

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 16, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)